Новости

Пяць палацаў, якія можна купіць у Беларусі

Нядаўна стала вядома, што на продаж будзе выстаўлена «самая кіношная» гістарычная сядзіба Беларусі — палац у Жалудку. REALTY.TUT.BY паглязеў, якія яшчэ падобныя аб’екты можна набыць (а адзін і ўвогуле забраць бясплатна). Вось пяць варыянтаў.

Сядзіба Радзівілаў у Дзятлаве Гродзенскай вобласці
Палац пабудаваны ў 1751 годзе ў стылі позняга барока. Знаходзіцца на ўскрайку горада Дзятлава.

Першапачаткова палац меў чатырохскатны дах і дзве шатровыя вежы па баках. З цягам часу знешні выгляд пабудовы значна спрасціўся.

Цікава, што ва ўласнасці Радзівілаў палац прабыў нядоўга. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай ён перайшоў Солтанам, але пасля паўстання 1830−1831 гадоў расійскія ўлады нацыяналізавалі палац. Тут быў і шпіталь, і казармы, і сірочы прыют. Пасля Вялікай Айчыннай вайны і да 2010 года ў гэтым збудаванні была стаматалогія.

Зараз палац спрабуюць прадаць на аўкцыёнах. Апошні з іх з пачатковай цаной у 30,9 тысяч рублёў быў запланаваны на 15 красавіка 2021 года, але ахвотных набыць гісторыка-культурную каштоўнасць не знайшлося.

Зацікаўленыя інвестары могуць звяртацца ў Дзятлаўскі райвыканкам.

Сядзіба Бутаўт-Анджэйковічаў у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці
Сядзіба «Багудзенкі» пабудавана ў канцы 19 стагоддзя ў «закапанскім» стылі і знаходзіцца ў мястэчку Поразава.

Яе ўласнікам быў Тадэуш Бутаўт-Анджэйковіч — адзін з самых заможных паноў Гарадзеншчыны. У 1937 годзе (яшчэ пры Польшчы) мясцовыя жыхары выкупілі сядзібу ў пана і хацелі зрабіць тут шпіталь. Але гэтыя планы не рэалізаваліся, бо ў 1939 годзе прыйшлі Саветы. Пазней савецкія ўлады ўсё ж зрабілі тут шпіталь, які існаваў да 2002 года.

У 2014-м сядзібу выкупіў замежны бізнесоўца, але так нічога тут і не зрабіў. У выніку аб’ект зноў перайшоў у маёмасць дзяржавы.

«Багудзенкі» некалькі разоў спрабавалі прадаць на аўкцыёне, але пакупнік пакуль не знайшоўся. Год таму за сядзібу хацелі 28 тысяч рублей.

Ахвотныя яе набыць могуць звяртацца у Свіслацкі райвыканкам.

Сядзіба «Станіславава» ў Расонах Віцебскай вобласці
Палац у стылі неаготыкі быў пабудаваны ў 1900 годзе архітэктарам Эдмундам Фрыкам. Сядзіба належала маладому памешчыку Станіславу Глазко.

Палац гэты падобны на рыцарскі замак, і мясцовыя жыхары называлі яго «дом у сто вокан». Пасля рэвалюцыі 1917 года Станіслаў Глазко з’ехаў за мяжу.

Пасля гэтага ў пабудове месціліся розныя ўстановы, у тым ліку нават турма. Зараз на гэтым месцы ўлады бачаць турыстычны аб’ект і шукаюць інвестара.

Што важна — пад рэалізацыю інвестпраекта сядзібу можна атрымаць бесплатна. Звяртацца — у Расонскі райвыканкам.

Сядзіба Лапацінскіх у Мёрскім раёне Віцебскай вобласці
Комплекс пабудаваны ў 1750 па праекце італьянскага архітэктара Гену па загадзе гаспадара — дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Мікалая Лапацінскага. Знаходзіцца сядзіба ў мястэчку Леанполь у маляўнічым месцы на беразе Заходняй Дзвіны.

Галоўны будынак узведзены па люстэркавым тыпе — гэта значыць, што цэнтральны і дваравы фасады з’яўляюцца амаль аднолькава «параднымі». Гэта даволі рэдкая для Беларусі з’ява.

У міжваенны перыяд сядзіба належала каталіцкаму прыходу. Пасля Вялікай Айчыннай тут былі праўленне калгаса, тэхнікум, спецшкола і прафілакторый.

Мясцовыя ўлады бачаць развіццё гэтага комплексу, напрыклад, у выглядзе гатэлю ці іншага турыстычнага аб’екта. Для гэтага шукаюць прыватнага інвестара.

Ахвотныя могуць звяртацца ў Мёрскі райвыканкам.

Сядзіба Талстых у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці
Сядзібу «Грузінаўка» графу Дзмітрыю Талстому падаравала Кацярына Другая пасля далучэння гэтых зямляў да Расійскай імперыі. У пачатку 19 стагоддзя граф пабудаваў тут палац у стылі класіцызму.

Але асаблівы росквіт гэтага месца адбыўся ў пачатку 20 стагоддзя. Тады Талстыя зрабілі тут шпіталь, дзе працавалі лепшыя лекары акругі.

Пасля Вялікай Айчыннай тут была школа, дзіцячы дом і школа-інтэрнат.

Неаднаразова ўлады спрабавалі знайсці інвестара для «Грузінаўкі», але ён так і не з’явіўся. Пошук працягваецца.

Інвестары могуць звяртацца ў Быхаўскі райвыканкам.

Добавить комментарий